Марзалюк: згода, пазіцыя нацыянальных інтарэсаў, салідарнасць – прынцып беларускага парламентарызму
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Апошнім разам мы пачалі надзвычай важную і цікавую тэму. Пра наша, беларускае, народапраўства. Пра веча, пра выбары. Сёння размова пойдзе пра развіццё традыцый самакіравання і парламентарызму ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага Рускага і Жамойцкага. Пачнем!
Органы народнага самакіравання ў эпоху існавання Полацкага і Тураўскага княстваў яшчэ не склаліся ў развітую, пастаянна функцыянуючую сістэму. Яны былі прадстаўлены ў гарадах вечам, а ў сельскай мясцовасці – абшчыннымі народнымі сходамі. Абавязковымі ўдзельнікамі народных сходаў у гарадах былі вышэйшыя асобы: князі, царкоўныя іерархі, баяры, багатыя купцы. Як правіла, менавіта яны і кіравалі вечавымі сходамі.
Нагадаем яшчэ раз! Кампетэнцыя вечавых сходаў была даволі шырокая: веча ведала пытаннямі вайны і міру, распараджалася княжацкім сталом, фінансавымі і зямельнымі рэсурсамі воласці, санкцыяніравала грашовыя зборы, удзельнічала ў абмеркаванні заканадаўства, скідвала непажаданую адміністрацыю.
Шмат у чым і асобныя інстытуты і цэлыя звёны сістэмы кіравання, якія склаліся ў старажытнарускі перыяд, захаваліся ў Вялікім Княстве Літоўскам. Наша новая дзяржава ўвабрала ў сябе разам з тэрыторыямі Полацкага, Менскага, Турава-Пінскага, Віцебскага і іншых княстваў традыцыі дзяржаўнага кіравання папярэдняга часу. Умацаванне эканамічных сувязей унутры Вялікага Княства Літоўскага, узмацненне працэсу цэнтралізацыі выклікалі неабходнасць шырэйшага прыцягнення шляхты да рашэння агульнадзяржаўных пытанняў – і асабліва да больш актыўнага іх удзелу ў выкананні рашэнняў цэнтральных органаў. У сувязі з гэтым, для рашэння найболей важных дзяржаўных спраў з XIV стагоддзя пачынаюць склікацца агульнадзяржаўныя сходы прадстаўнікоў класа феадалаў – вальныя соймы.
Як орган дзяржаўнай улады, сойм утварыўся са старажытных вечавых сходаў асобных зямель-княстваў. Сойм ВКЛ складаўся толькі з асоб прывілеяванага саслоўя. Склад вальнага сойма не быў дакладна вызначаны. Першапачаткова ў яго склад уваходзілі ўсе буйныя феадалы, якія засядалі ў радзе, найважныя асобы не толькі цэнтральнай, але і мясцовай адміністрацыі, а таксама ўся шляхта.
У XVI стагоддзі сойм з усесаслоўнага ператвараецца ў прадстаўнічы орган, на пасяджэнні якога з’яўлялася не ўся шляхта, а толькі яе прадстаўнікі – па два дэпутата (гэта значыць – пасла) ад кожнага павета, якія абіраліся на павятовых сойміках. А чаму так стала? Такое становішча было ўведзена ў 1512 года Справа ў тым, што часта з асобных паветаў ніхто не з’яўляўся. А так хоць была нейкая пэўнасць.
У пасяджэннях сойма па-ранейшаму маглі браць удзел манарх, усе паны-радныя, службовыя асобы цэнтральнага і мясцовага кіравання, каталіцкія і праваслаўныя епіскапы і ігумены манастыроў. У 1568 годзе мяшчане сталічнай Вільні атрымалі месца на сойме па прыкладзе Кракава. Ім было дадзена права дасылаць на вальный сойм 2–3 бурмістры, якія маглі выказвацца толькі тады, калі гаворка ішла пра іх горад. Пазней такое ж права займеў і Магілёў, які быў зроўнены ў правах са сталіцай, Вільняй.
Збіраліся соймы па меры патрэбы, загадзя вызначаных тэрмінаў склікання сойма не было. Па Статуце 1566 года яны склікаліся гаспадаром (гэта значыць, манархам), панамі-раднымі, ці па просьбе шляхты. Не было і пастаяннага месца іх правядзення: яны збіраліся ў розных гарадах і замках. Працягласць пасяджэнняў магла складаць 2–3 дні, а часам – некалькі месяцаў, але часцей за ўсё яны працягваліся 2–4 тыдні.
Кола пытанняў, якія разглядаліся на пасяджэннях, вызначалася традыцыйным правам, і толькі ў другой палове XVI стагоддзя была зроблена спроба ў заканадаўчым парадку вызначыць кампетэнцыю сойма. Да яго ведання з гэтага часу сталі адносіцца: выбар гаспадара (гэта значыць вялікага князя), абмеркаванне ўмоў міжнародных дамоў, пытанні вайны і міру, увядзенне новых і змена старых падаткаў і павіннасцей, усталяванне мытных падаткаў, прыняцце новага і змена дзеючага заканадаўства, разгляд асобных крымінальных спраў, якія закраналі інтарэсы дзяржавы, вялікага князя ці знатных асоб. Акрамя таго, падчас соймаў падаваліся рознага роду чалабітныя і хадайніцтвы павятовай шляхты.
Рашэнні, як правіла, выносіліся вялікім князем і панамі-раднымі, дробная і сярэдняя шляхта толькі фармальна сцвярджала прапанаваныя імі рашэнні, гэта значыць мела дарадчы голас. Галоўная задача, якая ўскладалася на шляхецкіх дэпутатаў, складалася ў прапагандзе сярод шырокіх пластоў насельніцтва прынятых на сойме рашэнняў і арганізацыі іх выканання на месцах. Ну, гэта калі выказвацца даліканта. А калі па шчырасці, то трэба пагадзіцца з беларускім гісторыкам Паўлам Алегавічам Лойкай. Цытата:
«На сойме ў Вялікім княстве паны-рада праводзілі толькі свае рашэнні, маніпулюючы большасцю шляхты, якая не мела ніякай рэальнай улады. Радны гаспадарскай Рады Альбрэхт Гаштольд параўноўваў соймы польскага i «літоўскага» ўзораў: «...соймы нашы (у Вялікім княстве - П. Л.) праходзяць зусім інакш: што вырашае гаспадар i паны-рада, тое шляхта абавязкова прымае да выканання: мы ж запрашаем шляхту на нашыя соймы як бы для гонару, дзеля таго, каб усе ведалі, што мы вырашаем». I на павятовых соймах, органах шляхецкага самакіравання, якія былі створаны паводле рэформы 1565-1566 гг., таксама рэй вялі буйныя земляўласнікі. Пераконваюць у гэтым сведчанні сучаснікаў. Вось адно з ix: «Там (у Вялікім княстве Літоўскім - П. Л.) шляхта не прымае ўдзелу ні ў якіх парадах, там паны робяць, што захочуць... Там прыязджаюць на соймік толькі ваявода, стараста ды харужы, напішуць, што ім уздумаецца, i адправяць да зямяніна дахаты, каб падпісаў. Калі ж ён не падпіша, то яны аддубасяць яго палкамі!..».
Новым этапам у развіцці прадстаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім стала стварэнне новай структуры вышэйшых органаў улады ў створанай у 1569 годзе дзяржаве – Рэчы Паспалітай. Новая дзяржава ўзначальвалася адным манархам, які адначасова з’яўляўся і каралём польскім, і вялікім князем літоўскім. Аб’ядноўваліся і соймы (яны павінны былі быць «спольныя», «абодвух народаў»), а месцам іх правядзення прызначалася Варшава (каранацыйных – Кракаў). Люблінскі сойм прыняў таксама «Парадак Рады Кароннай і Літоўскай». Гэты дакумент вызначаў склад Сената – верхняй палаты вальнага сойма.
У склад сената ўваходзілі прыдворныя саноўнікі, каталіцкія біскупы вышэйшыя земскія службовыя асобы – ваяводы і кашталяны. Члены сената прызначаліся пажыццёва. У ніжнюю палату – Пасольскую ізбу – ад ВКЛ было ўключана 44 паслы: па 2 ад кожнага шляхецкага сойміка і 2 асобна ад Вільні. У вальны сойм Рэчы Паспалітай увайшлі і паслы ад Каралеўства Прусія (у той час васал Польшчы). У выніку, ў складзе Пасольскай ізбы вальнага сойма Рэчы Паспалітай першапачаткова налічвалася 170 паслоў, з ліку якіх 48 депутатаў (каля 28 %) накіроўваліся з ВКЛ.
Депутаты (паслы) у Пасольскую ізбу выбіраліся на сойміках ад кожнага павета выключна мясцовай шляхтай. Усяго ў Рэчы Паспалітай збіралася каля 70 соймікаў, з якіх 24 прыходзілася на ВКЛ. Соймікі перад вальным соймам склікаліся каралём Рэчы Паспалітай, які высылаў для гэтага свайго легата з каралеўскім лістом (легацыяй). У апошнім тлумачыліся падставы для склікання Сойма. Пасля азнаямлення з легацыяй і выбараў паслоў соймік складаў агульную інструкцыю паслам – наказ, які ўтрымоўваў указанні па пытаннях будучага сойма.
Склалася традыцыя, згодна з якой перад вальным соймам Рэчы Паспалітай выбраныя на сойміках паслы разам з сентарамі ВКЛ збіраліся на свой «генеральны соймік», на якім на аснове інструкцыяў павятовых соймікаў выпрацоўвалася агульная праграма і ўзгаднялася агульная пазіцыя ВКЛ. Адбываліся яны ў Ваўкавыску, а потым у Слоніме за два тыдні да вальнага сойма ў Варшаве. Та таго ж, у 1570-х гадах у ВКЛ з’явіўся яшчэ адзін агульнадзяржаўны інстытут парламентарызму – генеральны, або галоўны з’езд, празваны віленскай канвакацыяй (з-за таго, што першы адбыўся ў Вільні).
Такім чынам, па-сутнасці былі адноўлены вальныя соймы ВКЛ да заключэння Люблінскай уніі. Свае, без палякаў! Канвакацыю звычайна склікаў манарх, але рабілася гэта па патрабаваннях сенатараў, а разглядаліся на ёй дзяржаўныя справы, якія датычыліся абароны, фінансаў і падаткаабкладання. Віленская канвакацыя праіснавала да канца XVII стагоддзя. Аднак цалкам функцый вялікага вальнага сойма яна не пераняла. Так, прыняцце законаў і абкладанне падаткамі заставалася прэрагатывай «спольнага» сойма Рэчы Паспалітай. Пэўным поспехам шляхты ВКЛ стала правядзенне з 1673 года кожнага трэцяга вальнага сойма Рэчы Паспалітай у Гародні.
Самым страшным для таго шляхецкага паламентарызма стаў прынцып «ліберум вета» – гэта значыць любое рашэнне мусіла быць прынята аднагалосна. Сарваць любы закон, любое рашэнне было справай тэхнікі. Шляхецкая дэмакратыя рэзка аслабіла моц выканаўчай улады, рабіла манарха цацкай у руках амбітных прадстаўнікоў магнацкіх партый.
Ну і дэмакратыя тая была яшчэ нішто сабе. Ну, напрыклад. Я багаты магнат. Значыць, я патрон. У мяне свой двор. Скажам, як у Радзівіла ў Нясвіжы. Пры ім пастаянна корміцца і ў прамым і пераносным сэнсе незаможная шляхта. Гэта мая кліентэла. За тое, што я яе паю і кармлю, яна зробіць усё, што заўгодна. Як скажу, так і прагаласуе на павятовым сойміку. Але ж не адзін я такі разумны. Ёсць і іншыя багатыя патроны. І іх жаданні з маімі часцей за ўсё не супадаюць. Ну і тут, хто каго больш купіў, накарміў, напаіў. Таго і праўда, таго і закон. Таму шляхецкі соймік вельмі часта ператвараўся ў поле боя.
Калі прадстаўнікам розных партый не ставала слоўных аргументаў, то яны пераходзілі да двубояў і не толькі кулакамі, але і зброяй. Каб неяк утаймаваць такіх дэпутатаў, звычайна соймікі праводзілі ў цэрквах і касцёлах, але гэта слаба дапамагала… На соймік ехалі, як на вайну, са зброяй і запасам лекаў. За правіянт і гарэлку несла адказнасць зацікаўленая ў правільным рашэнні багатая асоба. Вось такое, надзвычай своеасаблівае, шматпартыйнае жыццё...
Крызісны стан, у якім аказалася Рэч Паспалітая ў сувязі з аслабленнем вярхоўнай улады, так і не быў пераадолены, нягледзячы на адчайныя спробы рэфармавання арганізацыі кіравання, эканомікі, вайсковай справы, адукацыі. Пазбаўленая ўнутранай еднасці, павагі да правоў і свабоды сумлення ўсіх грамадзян не каталікоў, Рэч Паспалітая знікла з палітычнай карты свету у выніку трох яе падзелаў – 1772, 1793, 1795 гадоў. Гісторыя сведчыць – эгаізм, карупцыя і гандаль нацыянальнымі інтарэсамі заўсёды прыводзіць да смерці дзяржавы і заняпаду народа. Нават, калі ўсё гэта выглядае звонку надзвычай дэмакратычна...
Помнім, беларуская згода, сумоўе, пазіцыя, прадыктаваная нацыянальнымі інтарэсамі, сацыяльнай салідарнасцю памножаная на права ўсіх людзьмі звацца – гэта і ёсць базавы прынцып любой адказнай парламенцкай партыі, гэта і ёсць прынцып беларускага парламентарызму, увасоблены ў лепшых традыцыях беларускай вечнасці!