«Непадобная ні на адзін храм у свеце». Ігар Марзалюк аб Каложскай царкве ў Гродна і яе стваральніку
Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра унікальнага чалавека – дойліда, архітэктара, заснавальніка гарадзенскай архітэктурнай школы другой паловы XII стагоддзя – Пятра Міланега. А таксама пра яго шэдэўральны твор – Каложскую Барыса-Глебскую царкву ў горадзе Гродна.
Міланег – гэта яго, як тады казалі, «дедне», спрадвечнае славянскае імя, што азначае «добры, ласкавы, пяшчотны». Міланег працаваў у Тураве (1170-е гг.), потым у Гародні (сучаснае Гродна). У далейшым ён стаў асабістым прыдворным архітэктарам вялікага кіеўскага князя Рурыка Расціслававіча. Вялікаму князю кіеўскаму Рурыку (у хрышчэнні – Васілю) Расціслававічу ён быў, як кажа летапіс, «приятелем» – па хрышчэнню чалавекам, блізкім да вялікага князя («во своих си приятелех»). Міланега па таленту параўноўвалі з Веселеілам, паплечнікам прарока Маісея, легендарным біблейскім архітэктарам, будаўніком скініі (рухомага храма падчас блуканняў іудзеяў пасля зыходу з Маісеем) і Каўчэга Запавету.
Менавіта Міланег спрычыніўся да складвання новага архітэктурнага накірунка ў Кіеўскай зямлі ў 90-х гадах XII стагоддзя. Дойлід Пётр Міланег і яго гарадзенская будаўнічая арцель у гэты час пераехала ў Кіеў, бо будаўніцтва ў самой Гародні (сучасным Гродна) тады спынілася. Дзякуючы з'яўленню ў Кіеве такой шматлікай будаўнічай арганізацыі, пачынаецца буйнамаштабнае мураванае будаўніцтва па ўсёй Кіеўскай зямлі. Ён, яго талент у гэты час прадвызначыў аблічча пабудаваных храмаў стольнага Кіева. У помніках кіеўскага дойлідства, у храмах, узведзеных у 90-х гадах XII стагоддзя, выразна прысутнічае вызначальны ўплыў гарадзенскай архітэктурнай школы. Будавалі вучні і духоўныя нашчадкі Пятра Міланега і ў Чарнігава-Северскай зямлі, у самім Чарнігаве.
Адной з першых цэркваў, пабудаваных гэтымі майстрамі, з'яўляецца Пятніцкая царква ў Чарнігаве. Яна ацалела, дайшла да нашых дзён. Міланег будуе таксама царкву Святога Васіля ў Оўручы і царкву Апосталаў у Белгарадзе (1197 год).
У Кіеве у 1199-1200 гадах Пётр Міланег пабудаваў мураваную падпорную сцену Выдубіцкага манастыра, якая, на жаль, не ацалела. Гэтая сцяна выкарыстоўвалася як абзорная пляцоўка, дазваляла аглядаць кіеўскае наваколле. На фасадзе Міхайлаўскага сабора Выдубіцкага манастыра ў Кіеве ў 1982 годзе была ўсталявана мемарыяльная дошка Пятру Міланегу.
У Гродна яго імем названа вуліца. Для нас, беларусаў, Пётр Міланег найперш стваральнік бліскучай архітэктурнай гарадзенскай школы. Для сучаснага Гродна творчасць Міланега у першую чаргу асыцыюецца з Барыса-Глебскай, Каложскай царквой – архітэктурным дыяментам не толькі старажытнай Гародні, не толькі Беларусі, але і ўсёй Усходняй Еўропы, усяго праваслаўнага свету. Гэтая царква непадобная ні на адзін храм у свеце. Праваслаўная святыня нашай Беларусі, што ўключана ў папярэдні спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Хутчэй за ўсё, гэты храм быў пабудаваны напрыканцы 70-х – самым пачатку 80-х гадоў XII стагоддзя. Вялікі пажар 1184 года ў Гародні знішчыў Ніжнюю замкавую царкву, і менавіта таму Барыса-Глебская (Каложская) царква стала яшчэ і галоўным храмам горада.
Найзнакаміцейшая адметнасць Каложы адразу кідаецца ў вочы любому падарожнаму, любому турысту, які набліжаецца да храма. Гэта аздобленыя з вонку фасады і сцены ўстаўкамі з вялікіх паліраваных, шліфаваных камянёў і шматколерных плітак у выглядзе крыжоў.
Унутры сцены храма былі багата аздоблены ўнікальнымі фрэскамі, рэшткі якіх былі адкрыты навукоўцамі-рэстаўратарамі ў 70-х мінулага стагоддзя на алтарным скляпенні і ў нішах сцен.
Яшчэ адна ўнікальная адметнасць Каложы – мноства керамічных збаноў-галаснікоў, якія ўбудаваны ў сцены. Галаснікі рабілі верхнія часткі сцен царквы больш лёгкімі і паляпшалі тэмпературны рэжым памяшканняў. Іх гарлавіны звернуты ў вонкі, у інтэр’ер храма. Дзякуючы галаснікам тут дзівосная акустыка і малітоўныя спевы гучаць надзвычай урачыста і хораша.
Апорныя слупы храма круглыя ў сячэнні. Гэтая арыгінальная задумка дойліда стварае ўражанне вялікай прасторы ўнутры будынка, нягледзячы на тое, што сам храм невялікі па памерах: даўжыня будынка – 21,5 метра, шырыня – 13,5 метра.
Вы заходзіце і вам здаецца, што нейкім дзівосным чынам унутры будынка прастора разгортваецца. Такі візуальны эфект успрыняцця ўнутранай прасторы храма дасягаецца таксама дзякуючы і таўшчыні яго сцен (іх таўшчыня – усяго каля 1,2 метра), у муроўцы якіх выкарыстана тонкая плінфа.
Гэта тонкая, добра абпаленая, амаль квадратная ярка-чырвоная цэгла. Менавіта такая цэгла і называецца плінфай, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае «пліта». Муроўка сцен выканана ў лусковай тэхніцы: гэта значыць, што з цэглы зроблены толькі «шчокі» сцяны, a сярэдзіна складаецца з забутоўкі – цаглянага друзу i дробных камянёў. Падлога храма была ўпрыгожана своеасаблівым керамічным дываном у выглядзе рознакаляровых маёлікавых плітак.
З даўніх, старажытных часоў ў храме святых Барыса і Глеба знаходзілася праваслаўная святыня – цудатворны абраз Божай Маці, які з’яўляўся копіяй Віленскай іконы Адзігітрыі. Згодна падання, абраз Багародзіцы быў ахвяраваны жабраком, які насіў цудатворны абраз пад адзеннем, ля сэрца. Людзі верылі, што шчырая малітва, звернутая да цудатворнага абраза, была здольна пазбавіць чалавека ад розных хваробаў. Падчас бежанства ў час Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, ікона была вывезена ў глыб Расіі і там страчана. Сёння ў царкве змешчаны яе капійны спіс.
Стромкі бераг Нёмана быў галоўнай пагрозай для гэтага найпрыгажэйшага храма Гародні. Бераг быў істотна размыты ўжо ў 1720 годзе, калі сцены храма моцна нахіліліся. У ноч на 2 красавіка 1853 года паўднёвая частка заходняй сцяны абрынулася ў раку. У 1864 і 1889 гадах падобныя няшчасці паўтарыліся ў выніку далейшага размыва берага. Але храму не было наканавана знікнуць. У выніку выратавальных прац, што доўжыліся з 1894 па 1906 гады, быў умацаваны бераг, места муроў, што абрынуліся ў Нёман, занялі драўляныя сцены.
Быў распрацаваны і праект аднаўлення ды рэстаўрацыі Каложы, але яго рэалізацыі перашкодзіла Першая сусветная вайна. У савецкі час храм не выкарыстоўваўся па прызначэнню. З 1948 года будынак належыў гісторыка-археалагічнаму музею, а ў 1967 годзе Каложская царква ўвайшла ў склад Гродзенскага гісторыка-археалагічнага запаведніка. Напачатку 90-х мінулага стагоддзя Каложу вярнулі Беларускай праваслаўнай царкве. Наша знакамітая святыня ізноў стала дзейным храмам.
Каложа – адна з найстаражытнейшых дзейных цэркваў у Беларусі. У ёй і сёння узносіцца малітва, ідуць набажэнствы, здяйсняюцца таямніцы праваслаўнай веры. Заўсёды, калі прыязжаю ў Гродна, іду сюды. Іду і прамаўляю Ісусаву малітву. І заўсёды адчуваю нябачную прысутнасць тых, хто будаваў і бараніў гэту святую зямлю. Нашу. Спрадвечна беларускую, гарадзенскую зямлю.
Міжволі прыгадваюцца словы з верша Уладзіміра Караткевіча, які прысвечаны Каложы.
Каложа, туга мая светлая!..
Ў чорны Нёман па чорным шкле.
Сіняй кропляй спадае ракета,
Быццам зорка ў ціхі Бетлем.
У вокны цёмныя заглядае,
Ззяннем бледным шукае кутка,
Дзе хваіна ў грубцы страляе,
Дзе ў жанчыны дзіцё на руках.
Глянь, абраная. Гэта не ў Нёман,
Не ў цямноцце, не ў сон, не ў драму –
У веліч падае зорка бяздомная,
У снег і ў сэрца сыну твайму.
І ў няпэўным хвілінным блакіце,
Уся адзіная, уся са святла,
З небам, з Нёманам, з зямлёю злітая,
З сэрцам нашым – Каложа ўзрасла.
Трохі ў зелень, як пер'е качынае,
Трохі ў бэз і трохі ў гранат,
Уся – крышталь невыказна сіні,
Уся – як край наш, як сон, як вясна.
Ускінь далоні тонкія ўгору,
Сыну неба акрэслі шлях,
Каб навекі адбіліся зоры
У тваіх і дзіцячых вачах.
Каб ніколі перуны чужынныя
Не асмеліліся скасіць
Ні цябе, ні Каложы, дзяўчыны
З ніў і пушчаў Беларусі.
І калі ўзнясе вас над светамі –
Прыгадайце ў вечным святле,
Як самотная зорка – ракета
Ціха падала ў цёмны Бетлем.
У намоленых, святых для кожнага беларускага сэрца сценах Каложы, пабудаваных калісьці Пятром Міланегам, сёння, як і раней, гучаць словы малітвы. Словы малітвы за беларускае сумоўе, за мір, за спагаду і любоў да ўсіх людзей. І хай так будзе назаўжды, да сканчання вякоў. Да другога прышэсця Хрыстова.