«Стаў легендай пры жыцці». Марзалюк расказаў пра неверагодны шлях Усяслава Чарадзея
Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Сёння пагаворым пра Усяслава Чарадзея. Князя, чалавека, які стаў легендай пры жыцці. Чалавека, які зрабіў усё магчымае і немагчымае дзеля ўмацавання дзяржавы, умацавання яе незалежнасці і суверэнітэту – Полацкай зямлі. Чалавека, без якога наша гісторыя была б зусім іншай.
Ім захапляліся сябры, яго любілі вольныя палачане, яго ненавідзелі ворагі. Кожны крок, кожны рух пільнавалі і адсочвалі, бо баяліся, бо даўся ў знакі. Таму і пра час яго смерці мы ведаем усё надзвычай дакладна – да года, да дня, да гадзіны. «В лето 6609. Преставися Всеславъ, полоцкий князь, месяца априля въ 14 день, въ 9 часъ дне, въ среду».
14 красавіка 1101 года кіеўскі летапісец, аўтар «Аповесцi мiнулых гадоў», зафіксаваў смерць полацкага князя Усяслава Брачыславіча. Не памылімся, калі скажам – маштаб Усяслава Чарадзея быў таму прычынай. Не было яму роўных пры жыцці князёў. Ён быў геніяльным палітыкам, стваральнікам сілы і моцы ўласнай дзяржавы – Полацкай зямлі. Ён яе любіў, сваю зямлю, сваіх людзей. І яму плацілі ўзаемнасцю – аддадзеным патрыятызмам і вернасцю.
Ігар Марзалюк:
Пройдзем жа пакручастымі шляхамі нашага героя. Усяслаў Брачыславіч «седе на стол» свайго бацькі Брачыслава ў 1044 годзе, маючы 15-16 год. Усяслаў Чарадзей быў князем полацкім з 1044 па 1068 год, потым – з 1071 па 1101-ы. Чым выкліканы перапынак у тры гады? Справа ў тым, што ён адзіны з полацкіх уладароў, які са згоды кіеўскага веча ў 1068 годзе стане на сем месяцаў князем кіеўскім, здабудзе «залаты кіеўскі стол». Агульны час княжання Усяслава ў Полацку – 54 гады. Гэта абсалютны рэкорд у гісторыі Беларусі, найпрацяглейшы перыяд кіравання дзяржавай за ўсю нашу гісторыю.
Яму было наканавана зрабіць Полаччыну вялікай. Дзеля гэтага ён праводзіў цалкам самастойную палітыку, кідаў выклік магутным суседзям ды ішоў на прамую канфрантацыю з Ноўгарадам і Кіевам. Яго выключныя здольнасці – змагацца за ўладу, умацоўваць Полацкае княства, нанава яго адбудоўваць ды пашыраць яго межы, нягледзячы ні на што – прыводзілі сучаснікаў у здзіўленне, нараджалі легенды аб яго звышнатуральных магчымасцях, чарадзейскіх здольнасцях. Князь-ваўкалак, князь-кудеснік, князь-чарадзей. Яго ворагі сцвярджалі, быццам бы ён з'явіўся на свет Божы «от вълховованья», з «язвенам».
Пры гэтым роды ў яго маці прыймалі язычніцкія жрацы – валхвы. Язвено – гэта асобная адзнака – «кашуля». Амніён, рэшткі плацэнты, у якой зрэдку нараджаюцца дзеці. У старажытных славянаў дзіця, народжанае ў «кашулі», лічылася вешчым, чарадзеем, здольным пераварочвацца ваўком ці іншым зверам. У беларускай народнай культуры гэта павер’е дзе-нідзе захоўваецца і сёння. Прысутнасць язычніцкіх жрацоў-валхвоў пры нараджэнні Усяслава супастаўляльна з чарадзейскім прысвячэннем, з выключна раннім надзяленнем магічнай сілай князя як ведзьмака-чарадзея. «Рекоша бо волсви матери его: «Се язвено навяжи на нь, да носить е до живота своего», «еже носить Всеславъ и до сего дне на собе; сего ради немилостивъ есть на кровьпролитье».
Усяслаў Брачыславіч актыўна займаўся ўмацаваннем вонкавых межаў Полацкага княства і пашырэннем яго тэрыторыі. Полацкая зямля пры ім ахоплівала плошчу каля 100 тысяч кіламетраў квадратных. Дзяржаўная ўлада князя Усяслава Брачыславіча пашыралася на тэрыторыі, населеныя балцкімі і прыбалтыйска-фінскімі народамі. На захад, паўночны і паўднёвы захад ад Полаччыны, уздоўж галоўнай жыццёвай артэрыі Полацку – Дзвіны. Усяслаў авалодаў Ніжнім Падзвіннем. Лівы, земгалы, куршы, латгалы, селы сталі даннікамі і вайсковымі саюзнікамі Полацка. Полацкая зямля пры ім займела выхад да Балтыйскага мора. Цяжкую руку Усяслава адчулі і продкі сучасных літоўцаў.
У 1060 годзе князі Кіеўскай Русі Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад Яраславічы разам з Усяславам Полацкім пайшлі з вайной у стэп, на качэўнікаў-торкаў. «Совокупиша вои бещислены и поидоша на конихъ и в лодьяхъ, бещислены множьство, на торки». Паход быў паспяховым, торкаў перамаглі. За ўдзел у паходзе на торкаў полацкі князь атрымаў ад кіеўскіх князёў тэрыторыі на правым беразе Дняпра ў раёне Оршы і Копыся. Дзяржава прырасла новымі землямі.
Ігар Марзалюк:
Саюзніцкія адносіны паміж Полацкам і Кіевам цягнуліся да сярэдзіны 60-х гадоў ХІ стагоддзя. А потым пачалася крывавая канфрантацыя. Яна доўжылася 20 год! Галоўная прычына – імкненне Полацка кантраляваць землі Пскова і Ноўгарада. На гэтыя крывіцкія землі, як лічыць частка даследчыкаў, Усяслаў глядзеў як на сваё, як на даўнюю калонію крывічоў у землях фіна-угорскіх народаў. Таму і марыў наш герой іх захапіць і падпарадкаваць сваёй уладзе, падпарадкаваць Полацку. Безумоўна, кіеўскія князі падобнае не маглі яму дазволіць, бо даніна з гэтых земляў-княстваў ішла да іх, у Кіеў.
Усяслаў Брачыславіч у 1065 годзе нападае на Пскоў. «Всеслав рать почал», а зімою 1066-1067 гадоў – на Ноўгарад. Ён захапіў горад, узяў шматлікі палон і абрабаваў храм Святой Сафіі. «Приде Всеславъ и възя Новъгородъ, съ женами и съ детми; и колоколы съима у святыя Софие. О, велика бяше беда въ час тыи; и понекадила съима».
Яраславічы не прымусілі сябе чакаць з адказам. Яны аб'ядналі свае войскі і нанеслі ўдар у адказ, удар па Менску. «И придоша ко Меньску, и меняне затворишася в граде. Си же братья взяша Менескъ, и исекоша муже, а жены и дети вдаша на щиты, и поидоша к Немизе, и Всеславъ поиде противу. И совокупишася обои на Немизе, месяца марта въ 3 день; и бяше снегъ великъ, и поидоша противу собе. И бысть сеча зля, и мнози падоша, и одолеша Изяславъ, Святославъ, Всеволодъ, Всеславъ же бежа».
Ігар Марзалюк:
10 ліпеня 1067 года Яраславічы запрасілі полацкага князя на перамовы з мэтай заключыць перамір'е, пры гэтым «целовавше крестъ честный къ Всеславу, рекше ему: «Приди к намъ, яко не сотворимъ ти зла». Он же надеявъся целованью креста, перееха в лодьи чересъ Днепръ. Изяславу же в шатеръ предъидущю, и тако яшя Всеслава на Рши у Смолиньска, преступивше крестъ. Изяславъ же приведе Всеслава Кыеву, всади и в порубъ съ двема сынома».
Здавалася, што ўсё. Канец палітычнай кар’еры і павольнае кананне ў вязніцы-порубу. Штодзённая знявага і здзек, смерць у турме і яго, і яго сыно, а значыць, смерць рода. Смерць дынастыі, смерць дзяржавы, смерць самастойнасці любай Полацкай зямлі.
Але ў 1068 годзе адбыўся напад полаўцаў, Яраславічы былі разбіты апошнімі на рацэ Альце. У выніку незадаволеныя іх дзейнасцю кіеўляне ўзбунтаваліся, вызвалілі з турмы-порубу Усяслава і абвясцілі яго сваім князем. Князем Кіеўскім, уладаром усёй Русі! Ізяслаў жа ўцёк з Кіева ў Польшчу па дапамогу. Князяванне ў Кіеве Усяслава доўжылася сем месяцаў. Усяслаў не стаў змагацца за кіеўскі стол з Ізяславам Яраславічам і яго польскім саюзнікам – цесцем, каралём Балеславам. Ды ўначы перад бітвай уцёк у родны Полацк.
«В лето 6577. Поиде Ізяславъ с Болеславомъ на Всеслава; Всеслав же поиде противу. И приде Белугороду Всеславъ, и бывши нощи, утаивъея кыянъ бежа изъ Белагорода Полотъску».
Ігар Марзалюк:
Баязлівец, скажыце вы? Разумны палітык і патрыёт сваёй зямлі, Полацкай зямлі, адкажам мы. Званы Полацкай Сафіі клікалі яго. Родны край, яго моц і сіла былі сэнсам ягонага жыцця.
У 1069 годзе кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч з дапамогай польскіх войскаў выгнаў Усяслава з Полацку, захапіў Полацкую зямлю. Але ўжо ў 1071 годзе Усяслаў вярнуў сабе ўладу, бацьковы пасад і трымаў яе, не саступаючы нікому, да самай смерці ў 1101 годзе. Былі войны, былі напады, але суверэнітэт дзяржавы заставаўся непарушным. І ў дзяржавы была будучыня – шэсць сыноў меў магутны полацкі ўладар.
Усяслаў застаўся ў памяці аб’ектыўна ацэньваючых яго сучаснікаў і нашчадкаў не толькі як князь-воін, але і як мудры суддзя-заканадаўца, падтрымліваўшы справядлівы парадак у грамадстве «людемъ судяше, княземъ грады рядяше». Усяслаў Брачыславіч пабудаваў велічны Сафійскі сабор. Час пабудовы Сафійскага сабору большасць даследчыкаў адносіць да сярэдзіны ХІ стагоддзя. Полацкая Сафія была ўзведзена паміж 1044 і 1066 гадамі. Археалагічныя раскопкі апошніх дзесяцігоддзяў дазваляюць упэўнена казаць, што на момант узвядзення Сафійскага сабора Полацк стаў адным з найбуйнейшых гарадоў на прасторы Усходняй Еўропы. К XI стагоддзю плошча Полацка складала не меней за 200 гектараў – гэта значыць, была болей, чым у тагачасным Кіеве (меў плошчу каля 120 гектараў) і Ноўгарадзе (толькі 60 гектараў).
Ігар Марзалюк:
У архітэктурным плане Полацкая Сафія істотна адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў. Гэта меркаванне падзяляў і вядомы расійскі археолаг і гісторык Леанід Аляксееў. З яго пункту гледжання, полацкі сабор будавала асобная ад кіеўскай і наўгародскай арцель майстроў. Доказ таму – базілікальнасць плана, якая стала дамініруючай рысай у помніках полацкай школы дойлідства XII стагоддзя: падоўжаныя прапорцыі, высотнасць царквы, моцна выступаючая алтарная частка храма ды на гэта падобнае.
Полацкая Сафія – гэта мара аб вялікай дзяржаве, мара аб уласнай імперыі, мара Усяслава! На жаль, не спраўджаная мара. Менавіта амбіцыямі Усяслава на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце неабходна тлумачыць узвядзенне Полацкай Сафіі. Гэта была прэтэнзія на мадэляванне самога цэнтра хрысціянскага свету, Візантыйскай імперыі, Канстанцінопаля са Святой Сафіяй.
Будуючы гэты храм, Усяслаў імкнуўся сцвердзіць статус богаабранасці сваёй сталіцы і зямлі, права звацца богаабраным на апошнія вякі градам – Новым Ерусалімам. Нездарма ў старажытных дакументах палачане называюць Святую Сафію ў мужчынскім родзе – Святэй Сафей. Прамудрасць Божая атаясамлялася з Логасам, боскім словам, Спасам, Ісусам Хрыстом. Сафія на старажытных іконах была прадстаўлена ў вобразе анёла Вялікага Света з іканаграфічнымі атрыбутамі Ісуса Хрыста. Гэта так званы Спас на Херувімах. Бог Слова, Логас, Хрыстос – асоба Святой Тройцы, існуючая перад вякамі. «На Беларусі Бог жыве» – гэта выслоўе ілюстравала перакананасць вернікаў аб непасрэднай прысутнасці Ісуса Хрыста ў сваім доме – Полацкай Сафіі.
Ігар Марзалюк:
Пры Усяславе Полацкая зямля дасягнула вяршыні свайго росквіта. Полацкая Сафія – увасобленая ў муроўцы прэтэнзія на богаабранасць сваёй зямлі і свайго народа. Для нас Усяслаў Брачыславіч і пабудаваны ім Сафійскі храм – сімвалы беларускай велічы, неад’емныя элементы і сімвалы гістарычнай беларушчыны, нашага святога і светлага Полацка, той традыцыі, якая заклала асновы нашай самабытнасці, нашай дзяржаўнасці.
Мы будуем нашу дзяржаву. Так было, ёсць і так будзе навекі.