«Вялікая дачка вялікага бацькі». Марзалюк аб княгіні Сафіі Вітаўтаўне і яе ролі ў гісторыі Маскоўскай Русі
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння пойдзе размова пра вялікую дачку вялікага бацькі. Пра дачку Вітаўта Вялікага Сафію.
Часцей пішуць пра яе бацьку Вітаўта Вялікага, самага магутнага і ўплывовага ўладара Усходняй і Цэнтральнай Еўропы другой паловы XIV – першай трэці XV стагоддзяў. Пра яго дачку, Сафію, Соф’ю, можам смела і пэўна сцвярджаць – вялікая дачка вялікага бацькі! Яна грала, без перабольшвання, вельмі важную ролю ў гісторыі Маскоўскай Русі XV стагоддзя.
Дзяўчынка пабачыла божы свет у далёкім 1371 годзе. Свой бурлівы жыццёвы шлях яна скончыла 27 кастрычніка 1453 года. І яна магла ўпэўнена сказаць: «Я зрабіла ўсё магчымае для сваёй сям’і, сына і дзяржавы. Той, у якой была вялікай княгіняй, рэгенткай, маці спадкаемца прастола. Маскоўскага прастола!»
Яна нарадзілася ў час, калі яе дзед, вялікі князь Кейстут, дзяліў вярхоўную ўладу ў Літве і Русі Літоўскай са сваім улюбёным братам – вялікім князем Альгердам. Соф’я жыла то ў дзедавым замку ў Старых Троках (зараз Тракай) пад апекай любай бабулі Біруты, то ў Гародні (сучасны Гродна) у гарадзенскім замку свайго таты – князя Вітаўта. Дзяцінства – то гістарычная Літва, гістарычная Віленшчына. Нёман і Вільня. Старабеларускія і балцкія гаворкі. Хараство пушчаў, прыгажосць нашых людзей і вечная вайсковая пагроза. З захаду – ад хцівых крыжакоў, галоўных ворагаў Вялікага Княства на той час.
Усё змянілася ў яе 10 год, калі памёр Альгерд і да ўлады прыйшоў хцівы і подлы Ягайла. Спачатку ён таемна ўступіў у саюз з крыжакамі супраць яе дзеда Кейстута і яе бацькі Вітаўта. Прадаўшы сяброўства, зламаўшы клятвы і абяцанні. Стары Кейстут зняволіў пляменніка і яго маці, заняў Вільню. Дараваў пляменніка. Не забіў, не зачапіў. Вызваліў пад умовай клятвы, пад абяцанні прызнання ім яго, Кейстута, вярхоўнай уладай.
Але подласць не бывае ўдзячнай. Людзі не мяняюцца. Мяняюцца толькі абставіны. У хуткім часе Ягайла ізноў склаў змову з ордэнам і крывадушным падманам захапіў ды зняволіў і Кейстута, і Вітаўта. 15 жніўня 1382 года ў Крэўскім замку на загад Ягайлы Кейстут быў задушаны. Не пашкадаваў ён і жонку Кейстута, любую бабулю Сафіі, Біруту. Яна была ўтоплена ў Мухаўцы, у Берасці (сучасным Брэсце). Смерць чакала б і Вітаўта, але той здолеў унікнуць крывавых абдымкаў стрыечнага брата. Пасля ўцёкаў бацькі да ордэна Сафія разам з маці жыла ў крыжакоў, зведала горыч расстання з бацькаўшчынай, горыч выгнання, горыч закладніцтва.
Ігар Марзалюк:
А потым было вяртанне бацькі да ўлады, узрастанне яго моцы, з якой мусіў лічыцца Ягайла. Вітаўт ніколі не забываўся пра ўсходнюю мяжу сваёй дзяржавы. Імкнуўся ўмацоўваць свой уплыў у Уладзіміра-Суздальскай зямлі, у Русі Маскоўскай. У 1386 годзе Васіль Дзмітрыевіч Маскоўскі, яшчэ не вялікі князь, ратуецца ўцёкамі з Арды.
Уцякаючы, ён трапіў у Малдову, дзе сустрэўся з Вітаўтам, які дапамог яму вярнуцца да хаты. Шлях у Маскву пасля Малдовы ішоў для яго праз землі Лівонскага ордэна і Вялікага Княства Літоўскага. Пры размове сын Дзмітрыя Данскога пакляўся Вітаўту, што як толькі ён зойме бацькоўскі пасад, то пашле за Сафіяй сватоў. Вітаўт адказаў згодай. У 1389 годзе Васіль стаў вялікім князем Маскоўскім, а ўжо ў 1390 годзе ён паслаў у Вільню трох сваіх баяр за нявестаю. Сафія выходзіць замуж. Летапіс аб гэтым паведамляе так: «В год 6898 (1390)... В ту же зиму женился князь великий Василий, взяв добрую дочь Витовта, Софию; добрый нрав имела от отца, была не блудный мед».
Ад гэтага часу яна вялікая княгіня, жонка Васіля Дзмітрыевіча Маскоўскага. Нарадзіла мужу пяць сыноў і чатырох дачок. Чатыры сыны памерлі. Але аднаму хлопчыку было наканавана ўзысці на трон. Яна – маці вялікага князя маскоўскага Васіля Цёмнага. Адна з яе дачок, Ганна, стане жонкай візантыйскага імператара Іаана Палеалога ў 1411, але неўзабаве, праз тры гады шлюбу, памрэ ад маравой пошасці ў Канстанцінопале.
Падчас кіравання мужа Сафія іграла істотную ролю ва ўзаемадачыненнях паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім. У 1399 годзе разам з мужам выправілася ў Вільню да бацькі. У пачатку 1423 года Сафія ізноў едзе ў Вільню да Вітаўта. Разам з ім да дзеда едзе і яе сын, васьмігадовы Васіль Васільевіч. Паездка была звязана з клопатам аб далейшым лёсу яе і яе сына, унука Вітаўта. Бо ездзіла яна для канчатковага зацвярджэння Вітаўтам апошняга варыянта духоўнай граматы (запавету) яе мужа.
У ёй Васіль І Дзмітрыевіч «приказывал» жонку і сына «брату и тестю великому князю Витовту» як галоўнаму гаранту сваёй волі, а таксама пяці ўдзельным князям. Вітаўт, па сутнасці, стаў апекуном і пратэктарам і дапамагаў пасля смерці мужа сваёй дачцы ў кіраванні Маскоўскай дзяржавай. Паказальна, што духоўніца вялікага князя маскоўскага была замацавана пячаткай з Пагоняй – княскай пячаткай Вітаўта. За Сафіяй Вітаўтаўнай пажыццёва замацоўваліся падараваныя ёй мужам уладанні, да іх дадаваліся яшчэ новыя землі.
У 1425 годзе сканаў яе муж. Сафіі было наканавана выконваць ролю рэгента пры сваім непаўналетнім сыне Васілю. Хцівая радня, дзядзькі малалетняга князя, марылі захапіць яго трон. Менавіта тады на поўную моц праявіўся талент Сафіі па кіраванню дзяржавай і здольнасці трымаць удар, бараніць інтарэсы свайго сына і яго права на вярхоўную ўладу.
Пакуль жывы быў Вітаўт, хцівым удзельным князям было складана чыніць крыўды і яго дачцы, і яго ўнуку. Вітаўт быў афіцыйным апекуном маленькага Васіля Васільевіча. Менавіта таму на граматах Вялікага Княства Маскоўскага таго часу мы бачым пячаткі з вітаўтавай Пагоняй. Дачка не забывала пра бацьку. У 1427 годзе яна ездзіла ў госці да таты ў «сталечную Вільню». Адносіны паміж суседнімі дзяржавамі ў гэты час былі амаль што ідэальнымі.
Соф’я дэманстравала сваю гаспадарлівасць. Па запавету мужу яна атрымала ў асабістае ўладанне вялікія і багатыя воласці. Яна так пільна даглядала за гаспадаркай, за якасцю апрацоўкі зямлі, за рамяством і гандлем, рацыянальным выкарыстаннем лясных дабротаў, што атрымоўвала з іх вялікія грошы, вялікі прыбытак. У выніку яна змагла да сваіх уладанняў прыкупіць яшчэ новых вёсак, новых сёлаў. А гэта было ўжо толькі яе ўласнасць. І гэтымі паселішчамі яна ўжо распараджалася цалкам аднаасобна, па сваёй волі.
Ігар Марзалюк:
Справа ў тым, што тыя землі, якія ёй вылучыў муж ва ўладанне, пры жаніцьбе сына перадаваліся маладой нявестцы. Таму Сафія і купіла за жывыя грошы новыя ўладанні. Яны былі яе. І толькі яе. Так што яна была сама сабе гаспадыня. І ад будучай нявесткі, як мудрая свякроўка, не хацела залежыць ні ў чым.
Першае, што зрабіла Соф’я, калі памёр муж, яна склікала баяр і заклікала іх стаяць моцна за яе сына Васіля. Адначасна яна звярнулася за дапамогай да бацькі, да Вітаўта. Бацька не пакідаў ні дачку, ні ўнука без сваёй дапамогі і апекі да самай смерці. У 1430 годзе Вітаўта не стала. І Сафія напоўніцу адчула ўсю прагнасць, крывадушнасць і хцівасць маскоўскай радні свайго сына. Дзядзька Васіля Васільевіча, Юрый Дзмітрыевіч Звенігародскі, вырашыў, што прыйшоў яго зорны час. Не было каму заступіцца за Сафію і яе сына. І ён пачынае барацьбу за маскоўскі прастол.
Соф’я лічыла, што толькі яна можа вызначыць, хто будзе вартай жонкай яе сыну. Яна не дазволіла яму ажаніцца з дачкой маскоўскага баярына Івана Усевалажскага. Пераканала сына, настаяла на тым, што жаніцца ён мусіць на роўні – на князёўне Мар’і Яраслаўне, унучцы Уладзіміра Храбрага. У 1433 годзе адбываецца вяселле.
Падчас вяселля Сафіі Вітаўтаўне данеслі, што сын Юрыя Дзмітрыевіча Звенігародскага, Васіль Касы, прыйшоў на вяселле ў залатым поясе, аздобленым каштоўнасцямі. А пояс гэты, аказваецца, належаў маскоўскаму княскаму дому, быў некалі ўласнасцю самога Дзмітрыя Данскога, дзеда яе сына. Пры гэтым пояс быў скрадзены і знік у невядомым кірунку.
Трэба было ведаць нораў Сафіі. «Нраву она была весьма горделивого», як пішуць летапісы. Яна пры ўсіх сарвала пояс з Васіля Касога і адабрала яго. Абраза, абвінавачванне звенігародскага князя злодзеем, яшчэ больш абвастрылі адносіны паміж маскоўскім і звенігародскім княжацкімі дамамі.
Выбухнула грамадзянская вайна. У 1433 годзе князь Юрый займае Маскву, але неўзабаве памірае. Яго сыны Васіль Касой і Дзмітрый Шамяка працягвалі барацьбу з Васілём і яго маці Сафіяй. У 1436 годзе Васіль Васільевіч захапіў і асляпіў Касога. Але ўжо ў 1446 годзе ён сам быў захоплены і пазбаўлены зроку Дзмітрыем Шамякай ды пазбаўлены вялікага княжэння маскоўскага. Адсюль і яго прозвішча – Цёмны. Але ўжо ў 1447 годзе Васіль Цёмны зноў сеў на бацькоўскі трон у Маскве.
А Шамяка? Шамяка быў атручаны. Васіль праявіў моц, жорсткасць і сілу. Так, ён дорага заплаціў за ўладу. Адсечаныя пальцы татарамі, слепата. Гэта былі суровыя экзамены на моц, на сілу духу новага ўладара. Ён умеў бязлітасна знішчаць сваіх ворагаў і шчодра адорваць верных яму людзей. Кроў вялікага дзеда, Вітаўта, бурапеніла ў яго жылах. Выхаванне маці, яе дапамогі і парады, таксама заўсёды былі важнымі для яго.
У выніку сын Сафіі перамог усіх сваіх ворагаў. Баяры і маскоўскае духавенства рашуча падтрымалі яго. Нягледзячы на грамадзянскую вайну, маравую пошасць, галодныя гады, улада Васіля расла і ўмацоўвалася. Унук ішоў шляхам вялікага дзеда. Ён сурова пакараў Ноўгарад за дапамогу Шамяцы, далучыў да Масквы Мажайскі і Серпухаўскі ўдзелы, падпарадкаваў Вятку, падпарадкаваў Разанскую зямлю, пачаў кіраваць ёй праз сваіх намеснікаў.
Яго маці была з ім да скону. У горы і радасці. Яна двойчы трапляла ў палон да ворага сына, Дзмітрыя Шамякі. Калі сына яе схапілі і асляпілі, то яе адправілі ў ссылку, у Чухламу. Яе баяліся. Сафія ведала: ворагам дараваць нельга. У 1450 годзе святкавала перамогу сына над Шамякам. А ў 1451 годзе, ва ўзросце 80 год, разам з мітрапалітам Іоанам яна была душой абароны Масквы ад нападу татар. Васіль Цёмны быў у гэты час на Волзе. Соф’я Вітаўтаўна сабрала апалчэнне, якое адкінула ад сцен сталіцы ворага.
Ігар Марзалюк:
Сафія ніколі не забывала пра праваслаўныя святыні. Яна фундавала шматлікія праваслаўныя цэрквы і манастыры. Яе любімым сялом было Вараб’ёва. Яна набыла і аздобіла яго незадоўга да сваёй смерці, зрабіла гэта месца сваёй любімай рэзідэнцыяй. Яна была аднаасобнай уладальніцай вялікай колькасці багатых воласцяў. Паміраючы, падарыла іх свайму сыну, сваёй нявестцы, сваім унукам. Сафія Вітаўтаўна пражыла годнае жыццё. Яна – ідэальны прыклад жаночай адданасці, вернасці свайму абавязку, сваёй сям’і. Яна – увасабленне мацярынскага пачатку і мацярынскай любові.
У 80 год Сафія пастрыглася ў манахіні Вазнясенскага манастыра ў Крамлі пад імем Еўфрасіння, у якім яна будавала храм Узнясення, пачаты яшчэ жонкай Дзмітрыя Данскога Еўдакіяй. Храм да канца дабудаваць не паспела, яе паклікаў да сябе вышэйшы суддзя. Памерла 15 чэрвеня 1453 года ў узросце 82 год. Пахавана ў усыпальніцы рускіх княгіняў у Узнясенскім манастыры. З 1929 года яе парэшткі знаходзяцца ў Архангельскім саборы. У 2002 годзе выканана антрапалагічная рэканструкцыя яе твару па чэрапу.
Сафія Вітаўтаўна – то сімвал жаночай прыгажосці, розуму, годнасці, духоўны сімвал. Сімвал нашых нацыянальных традыцый, нашай беларускай вечнасці.