Вызваліў Кіеў і меў 12 сыноў. Чым вядомы вялікі князь літоўскі Альгерд? Біяграфія

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Біаграфія князя ВКЛ Альгерда 11 03 2023 (4).jpg

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння наша размова пойдзе пра князя Альгерда.

Прыгадаем. На помніку «Тысячагоддзе Расіі», які, дарэчы, створаны геніяльным беларускім скульптарам і мастаком акадэмікам Мікешыным, змешчаны скульптурныя выявы князёў Гедыміна, Вітаўта і Альгерда – валадароў Вялікага Княства Літоўскага. Самых выбітных дзеячаў дзяржавы. Аб’яднальнікаў усходнеславянскіх земляў. Іх абаронцаў і ад крыжакоў, і ад мангола-татараў.

Альгерд быў паяднаны з поўначу сучаснай Беларусі. І па нараджэнню маці, і сваёй, так бы мовіць, княскай кар’ерай. Ён нарадзіўся ў 1296 годзе, яго бацькам быў славуты вялікі князь літоўскі – Гедымін. Маці Альгерда – полацкая князёўна Еўна. У 1318 годзе Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй і першапачаткова князяваў у Усвятах. Пасля смерці цесця ці то ў 1320, ці то ў 1325 годзе ён заняў віцебскі княскі пасад. Яго княгіня народзіць яму 5 сыноў і 2 дачок. Усе яны вырастуць на Бацькаўшчыне і з малаком маці ўсмокчуць нашу культуру і нашу мову. Усе будуць хрышчаны ў праваслаўе.

Другая жонка Альгерда – цвярская князёўна Ульяна Аляксандраўна, дачка вялікага князя цвярскога і вялікага князя ўладзімірскага Аляксандра Міхайлавіча. Альгерд пабярэцца з ёй шлюбам у 1350 годзе, праз 6 год пасля смерці сваёй першай жонкі. Ад другога шлюбу народзіцца яшчэ 7 сыноў, у тым ліку і Ягайла. Такім чынам, усяго князь меў 12 сыноў. Ну і дачок ад двух жонак, сама меней, у яго было 7. Крыніцы не даюць магчымасць вызначыць дакладную колькасць дачушак. Пра іх, як правіла, згадвалі толькі тады, калі выдавалі замуж. Таму гісторыкі аб іх колькасці спрачаюцца і да сёння.

Біаграфія князя ВКЛ Альгерда 11 03 2023 (6).jpg

Ігар Марзалюк:
Віцебскі перыяд быў надзвычай плённым у жыцці князя. Альгерд не пакладаў рук, умацоўваў гэты дзівосны і прыгожы горад, дыямент беларускага Падзвіння. Пры Альгердзе Віцебск перажывае час росквіту. Мураваныя сцены і вежы Ніжняга і Верхняга замкаў былі ўзведзены па яго загаду. Будаўніцтва мураваных замкаў пачалося ў 30-х гадах XIV стагоддзя і скончылася ў 1351 годзе.

Каменныя сцены будаваліся па перыметры старога дзяцінца і прылеглага горада, у выніку ўтварылася адзіная абарончая сістэма, якая складалася з Верхняга і Ніжняга замкаў. Ніжняя частка сцен узводзілася з вялікіх камянёў-валуноў, а ўжо па-над імі клаўся цагляны мур, як у Крэўскім і Лідскім замках. Заканчваліся сцены баявой галерэй з зубцамі і мелі агульную працягласць 688 метраў.

Аснову абарончых збудаванняў Віцебскіх замкаў складалі 8 каменных шмат’ярусных вежаў. Такія ўмацаванні былі неабходны ў той неспакойны час. Час змагання з крыжакамі. Альгерд змагаўся разам са сваім бацькам Гедымінам і любым братам, троцкім князем Кейстутам, супраць хіжых чужынцаў. Так, у 1324 годзе яны адбілі крыжацкі паход на Ізборск. Пскавічы прапанавалі Альгерду пскоўскі пасад, але ён адмовіўся на карысць сына Андрэя. Андрэй неўзабаве стане і вялікім князем Полацкім. І пры гэтым застанецца князем Пскоўскім. Псковам ён будзе правіць праз сваіх намеснікаў. У 1327 годзе Альгерд узначаліць паход на Брандэнбург.

Біаграфія князя ВКЛ Альгерда 11 03 2023 (2).jpg

Ігар Марзалюк:
З 1345 года Альгерд і Кейстут, звергнуўшы свайго малодшага брата Яўнута, пачнуць кіраваць ВКЛ супольна. Кейстут адказваў за заходні накірунак, змагаўся з крыжакамі, а Альгерд сканцэнтраваў свае намаганні на Усходзе. Усходняя палітыка ўладароў Вялікага Княства, супрацьстаянне з Ардой ішлі пад сцягамі збірання зямель Русі і вызвалення іх ад іга Арды. Неабходна, каб «уся Русь цалкам належала Літве» – гэта фармулёўка вялікага князя Альгерда падмацоўвалася рэальнымі справамі: вайсковымі дзеяннямі і царкоўнай палітыкай.

Ён імкнуўся аб’яднаць усе ўсходнеславянскія землі, зацята змагаўся з Ардой, вызваляючы княствы ад яе панавання і кантролю. 1356 год – далучаны Бранск, праз 2 гады ў склад дзяржавы ўвайшоў Мсціслаў. Але самы ашаламляльны поспех адбыўся ў 1362 годзе. На рацэ Сінія Воды Альгерд ушчэнт разбіў мангола-татараў, войскі Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай Ордаў. Ім была вызвалена Украіна. У выніку, Альгерд далучыў да ВКЛ Кіеў, Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Белую Царкву, Звянігарад, Падолле.

Альгерд меў надзейных саюзнікаў на Усходзе – Цвер і Смаленск. Таму і дапамагаў ім. Тройчы, у 1368-м, 1370-м, 1372-м гадах, Альгерд пры падтрымцы брата Кейстута ды смаленскага князя Святаслава Іванавіча хадзіў на Маскву. Мэта паходаў – падтрымка і абарона свайго родзіча і саюзніка, цвярскога князя. Альгерд не даў крыўдзіць Дзмітрыю, будучаму Данскому, сваю радню па жонцы, заступіўся за іх уладанні і за іх маёмасць. І маскоўскі ўладар мусіў адступіцца.

Біаграфія князя ВКЛ Альгерда 11 03 2023 (7).jpg

Ігар Марзалюк:
Альгерд рэальна прэтэндаваў на вярхоўны суверэнітэт над усімі ўсходнеславянскімі землямі Старажытнай Русі, а таксама на кіраванне і кантроль над царкоўнай праваслаўнай іерархіяй Кіеўскай мітраполіі. У 50-х гадах XIV стагоддзя візантыйскі гісторык Нікіфар Грыгора склаў вучоны экскурс, у якім сцвярджаў, што народ Рос падзяляецца на тры альбо чатыры Русі: тры хрысціянскія і адну язычніцкую, якая, як ён з гонарам дадаў, амаль непераможная, супрацьстаіць татарам і не плаціць ім даніну, як гэта робяць іншыя Русі. Гэта чацвёртая Русь – Альгердава Літва, яшчэ не хрышчаная на той момант.

Альгерд, у перапісцы з канстанцінопальскім патрыярхам называе сябе базілеўсам, царом. Амбіцыі нішто сабе. Але неабходна памятаць і тыя геапалітычныя рэаліі, у якіх гэта адбывалася. Прыгадаем яшчэ раз. У 1362 годзе Альгерд перамог татараў у бітве на Сініх Водах, на землях сучаснай Украіны. Міжрэчча Днястра і Паўднёвага Буга адышло пад яго кантроль.
Неўзабаве Альгерд пасадзіў свайго сына Уладзіміра на княжацкі стол у Кіеве. Сакральная сталіца Старажытнай Русі стала належаць ВКЛ. Статус у такім выпадку мог згуляць станоўчую ролю для рэалізацыі гэтай стратэгіі. Тытул цара дазваляў уладару ВКЛ атаясаміць сябе з візантыйскім базілеўсам, незалежным манархам, які валодае неабмежаванай уладай. Таму, ужываючы да сабе тытул «цар», Альгерд не толькі падкрэсліваў свой легітымны статус, але прыраўноўваў сябе да вялікіх уладароў Візантыі.

Біаграфія князя ВКЛ Альгерда 11 03 2023 (5).jpg 

Ігар Марзалюк:
Паказальна, што ў шэрагу пазнейшых крыніц хрышчэнне ў праваслаўе прыпісваецца і самому Альгерду. Ён фігуруе ў памінальным спісе праваслаўных князёў – Кіеўска-Пячэрскім патэрыку, пачатым у 1483 годзе, як ахрышчаны ў праваслаўную веру пад імем Дзімітрый. Чудоўская аповесць, створаная ў канцы XV стагоддзя, сцвярджала, што быццам бы перад смерцю па патрабаванні жонкі Альгерд стаў праваслаўным манахам пад імем Алексій.

Гэтыя весткі паўтараюць і іншыя пазнейшыя крыніцы XVI – XVII стагоддзяў – беларускія, украінскія, велікарускія... Што праўда, шэраг вартых даверу крыніц уласна яго эпохі не пацвярджаюць гэту версію, поле для спрэчкі сярод гісторыкаў па гэтым пытанні застаецца. Аднак сам факт нараджэння дадзенай версіі пераканаўча сведчыць аб тым, што аб’яднальная дзейнасць Альгерда на тэрыторыі значнай часткі Русі ўспрымалася станоўча і выклікала ідэалізацыю ўспамінаў пра яго як «свайго» праваслаўнага ўладара.

Ён пражываў вельмі доўгае жыццё. Больш за 80 год... І паміраючы, яму не было сорамна паглядзець у вочы сваім нашчадкам. Ён зрабіў дзяржаву вялікай. Таму нездарма летапісец так узнёсла напісаў аб ім.

Біаграфія князя ВКЛ Альгерда 11 03 2023 (11).jpg 

Ігар Марзалюк:
«Гэты Альгерд вельмі разумны быў... і пераўзышоў санам і ўладай усіх; і ўстрыманне меў вялікае, усякай мітусні ўнікаў, на забавы, гульні і падобнае не зважаў, але клапаціўся дзень і ноч пра дзяржаву сваю і п'янства ўнікаў: віна і піва, і мёду, і ўсялякага напою хмельнага не піў, бо ненавідзеў п'янства і вельмі ўстрыманы быў ва ўсім: і ад гэтага вялікі розум і развагу набыў, і дасціпнасць прыдбаў, і гэтым многія землі і дзяржавы паваяваў, і гарады, і княствы ўзяў за сябе, і трымаў уладу вялікую, і прымнажалася княства яго болей за ўсіх, чым за бацьку, чым за дзеда, такі быў. Бо звычай Альгерда такі, ніхто не ведаў што, куды думаў раццю выступіць або навошта збірае шмат воінства, як і самыя тыя вайсковыя чыны і раць уся не ведалі куды ідуць: ні свае, ні чужыя, ні госці-прышэльцы: у таямніцы ўсё тварыў разумна, каб не дайшла вестка ў зямлю, на якую хацеў ісці раццю: і такой хітрасцю забраў многія землі, узяў многія гарады і дзяржавы зняволіў; не столькі сілай, як дасціпнасцю. І быў ад яго жах на ўсіх, і пераўзышоў княжаннем і багаццем».

Біаграфія князя ВКЛ Альгерда 11 03 2023 (12).jpg

Ігар Марзалюк:
У незалежнай беларускай дзяржаве захоўваецца ўдзячная памяць пра князя Альгерда. У Віцебску, любым яго сэрцу горадзе, яму ўзведзены помнік. З нагоды юбілея перамогі Альгерда на Сіняй вадзе ў 2022 годзе «Беларусбанк» выпусціў адмысловыя манеты. З яго выявай. І выявай яго воінаў. Нашых воінаў, нашых продкаў, вызвольнікаў Украіны ад чужынскага, ардынскага ярма.

Згадваючы Віцебск, я заўсёды прыгадваю князя Альгерда. Альгерд і Віцебск – гэта слаўныя і велічныя сімвалы нашай, беларускай вечнасці!