«Ён упарадкаваў жывое беларускае слова». Марзалюк пра вядомага беларускага філолага Івана Насовіча
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння пойдзе размова пра зорку першай велічыні ў гісторыі беларускай філалогіі, фалькларыстыкі і этнаграфіі. Пра Івана Іванавіча Насовіча.
Ён адзін з самых найвыдатнейшых дзеячаў нашай культуры ХІХ стагоддзя. Яго называюць беларускім Далем за яго ўнікальны «Слоўнік беларускай мовы» і «Зборнік беларускіх прыказак». Іван Насовіч выдатна ведаў сваю Радзіму, як і роднае, любае яго сэрцу беларускае слова. Родная Магілёўшчына, Аршаншчына, Віленшчына, Міншчына – то месцы, дзе ён на працягу 30 год працаваў, настаўнічаў, выкладаў рускую славеснасць і латынь. Акрамя беларускай і рускай моў ён валодаў стараславянскай, лацінскай, грэчаскай, французскай, польскай мовамі. Дасканала валодаў і старажытнаяўрэйскай мовай, гэта значыць іўрытам.
Наш герой нарадзіўся ў вёсцы Гразівец Быхаўскага павета (сучасны Чавускі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і дзяка 7 кастрычніка 1788 года. Па заканчэнні Магілёўскай гімназіі і Магілёўскай духоўнай семінарыі быў настаўнікам і інспектарам Аршанскага духоўнага вучылішча, затым Мсціслаўскага духоўнага вучылішча, а пасля быў і рэктарам апошняга. З 1822 года працуе ў сістэме Міністэрства народнай асветы: загадчык, наглядчык, выкладчык Дынабургскай гімназіі (зараз горад Даўгаўпілс, наш колішні беларускі Дзвінск). Наглядчык Маладзечанскага і Свянцянскага пяцікласных дваранскіх вучылішчаў. Наглядчыкам Свянцянскага вучылішча ён быў да 1844 года, да свайго выхаду ў адстаўку.
Ігар Марзалюк:
Яго заслугі ў галіне адукацыі і выхавання моладзі былі адзначаныя ордэнам святога Станіслава ІІІ ступені. Навуковая праца, якая зрабіла яго несмяротным духам, уславіла назаўсёды ў удзячнай памяці нашчадкаў, пачалася акурат у 1844 годзе, калі ён выйшаў у адстаўку. Годная пенсія стварала ўсе магчымасці займацца навукай, быць фінансава незалежным ад знешніх абставін. Пры гэтым ён пасля вяртання ў родны Мсціслаў працягваў быць актыўным грамадзянінам горада, стаў мясцовым дэпутатам ды яшчэ адзін ордэн за гэта атрымаў! Прыгадаем успаміны яго сына Васіля на гэты конт. Цытата:
«Попечитель, при личномъ свиданіи поздравилъ его «съ выслугою генеральскаго пенсіона» въ 600 рублей, который, по выходѣ въ отставку, онъ получалъ до самой смерти. Возвратившись на родину, онъ купилъ себѣ въ Мстиславлѣ домикъ и, какъ обыватель этого города, какъ домовладѣлецъ, онъ вскорѣ, по предложенію мѣстнаго предводителя дворянства, былъ назначенъ депутатомъ въ мѣстную квартирную коммиссію. Эта служба дала ему право на полученіе ордена св. Владиміра за 35-ти-лѣтнюю службу».
Ігар Марзалюк:
Менавіта тады, у яго у 55-гадовым узросце, з’явілася даволі часу, каб напоўніцу заняцца любімай справай, папаўняць матэрыялы для слоўніка роднай беларускай мовы. У той час, дарэчы, беларуская слова гучала скрозь. Прычым не толькі ў вёсцы. Як пісаў Іван Насовіч у аўтабіяграфічным творы – «Успамінах майго жыцця» – тады па-беларуску размаўлялі чыноўнікі, настаўнікі, мясцовыя яўрэі, прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. Цытата: «Наогул усе мяшчане і рамеснікі гавораць па-беларуску, апрача асоб не беларускага паходжання. Аканомы ж і прыказчыкі, зразумела, з дробнай шляхты, абавязкова павінны з беларускімі мужычкамі размаўляць па-беларуску. Нават самі памешчыкі, асабліва беларускага паходжання, любяць паміж сабою гутарыць па-беларуску».
Ігар Марзалюк:
Звернем увагу яшчэ на адну надзвычай істотную акалічнасць – менавіта беларускія праваслаўныя святары Магілёўшчыны натхнілі Івана Насовіча на заняткі беларускай этнаграфіяй і беларускай мовай. Беларуская мова – то галоўная навуковая зацікаўленасць яго жыцця. Але Іван Насовіч – гэта яшчэ і працы па беларускаму фальклору і па беларускай гісторыі. Ён аўтар-укладальнік такіх фальклорных зборнікаў як «Беларускія прыказкі і прымаўкі», «Зборнік беларускіх прыказак», «Беларускія прыказкі і загадкі», «Зборнік беларускіх прыказак». За апошнюю працу, якая з’яўляецца першай такога роду ў беларускай фалькларыстыцы, Іван Іванавіч быў узнагароджаны залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства і абраны яго правадзейным членам.
Нельга не прыгадаць і зборнік «Беларускія песні» прысвечаны народнай песеннай культуры беларусаў. Акрамя саміх тэкстаў песень, Іван Насовіч ахарактарызаваў змест і характар песень, даў апісанне абставін, пры якіх яны выконваліся. Спыніўся ў тым ліку і на пытаннях звязаных з гістарычным лесам беларускага народа. У прадмове да выданага ім збору беларускіх песень падкрэсліваў, што ў мінулым беларускі народ складаўся не толькі з сялян, але і меў уласную эліту, якая размаўляла на беларускай мове і спрычынілася да стварэння высокага стылю ў беларускім фальклоры. Толькі паланізацыя праз рымска-каталіцкі касцёл і езуіцкія навучальныя ўстановы ператварылі беларускую шляхецкую моладзь у палякаў, зрабілі беларусаў плебейскім народам.
Ігар Марзалюк:
Такім чынам, паводле Івана Насовіча, беларусы ў мінулым мелі і ўласную гістарычную традыцыю, і ўласную эліту. У 1868 годзе Іван Насовіч накіраваў Імператарскаму археалагічнаму таварыству гісторыка-лінгвістычнае даследаванне «Аб плямёнах да часоў Рурыка, засяляўшых беларускую тэрыторыю». Ён быў прыхільнікам крывіцкай тэорыі паходжання беларусаў. Лічыў, што і радзімічы, і дрыгавічы – роднасныя адгалінаванні крывічоў. Пры гэтым даводзіў, што старажытныя назвы плямён – крывічы, дрыгавічы, радзімічы – паходзяць ад народных беларускіх слоў.
Няўрымслівы пенсіянер з генеральскім пансіёнам распачаў падрыхтоўку гістарычнага слоўніка беларускай мовы XIV-XVIII стагоддзяў. Рукапіс слоўніка памерам 1 110 старонак вялікага фармату ў 1867 годзе быў прадстаўлены ім у Акадэмію навук пад назвай «Алфавітны паказальнік старых беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі». У ім атрымалі тлумачэнне 13 тысяч слоў! Наш аўтар атрымаў за гэты слоўнік поўную Увараўскую прэмію ў суме 1 500 рублёў срэбрам. На жаль, слоўнік застаўся ненадрукаваным.
Ігар Марзалюк:
Але, безумоўна, галоўным творам яго жыцця быў «Слоўнік беларускай мовы». І ён стварыў шэдэўр, які не меў аналагаў на той час. І па аб'ёму, і па дасканаласці апрацоўкі, і па арыгінальнасці матэрыялу. У 1863 годзе рукапіс слоўніка пасля 16-гадовай рупнай працы аўтара быў пададзены ў Акадэмію навук. Івану Насовічу была прысуджана Дзямідаўская прэмія (714 рублёў), а ў 1870 годзе яго слоўнік нарэшце выйшаў з друку – 756 старонак.
Так доўга яго не друкавалі з-за нядбаласці навуковых рэдактараў, Расійскіх акадэмікаў Сразнеўскага і Бычкова. Пакуль ішло доўгае рэдагаванне Іван Насовіч дапоўніў слоўнік яшчэ 994 словамі, яны прыведзены ў кнізе ў якасці дадатку. У слоўніку падаецца больш за 30 тысяч беларускіх унікальных і непаўторных слоў. Падкрэслім, у гэтым слоўніку няма агульнай усходнеславянскай лексікі, лексікі, характэрнай для ўсіх трох усходнеславянскіх моў – беларускай, украінскай, рускай. Частку гэтых слоў аўтар запісаў у Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губернях, частку выбраў з старабеларускіх пісьмовых помнікаў, зборнікаў беларускага фальклору. Гэта самы поўны слоўнік беларускай мовы на той момант.
Ігар Марзалюк:
Падкрэслім, аўтар слоўніка выкарыстаў пры яго падрыхтоўцы жывыя гаворкі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. На момант выдання слоўніка нашаму герою ўжо было 82 гады. У 1870 годзе за этнаграфічныя і мовазнаўчыя працы ён быў узнагароджаны ордэнам святога Станіслава ІІ ступені. Іван Насовіч, калі азнаёміўся з друкаваным выданнем свайго слоўніка, быў непрыемна здзіўлены тым фактам, што без яго дазволу была знята напісаная ім вялікая прадмова.
Над ёй ён працаваў цэлы год. Замест яе – кароткі рэдактарскі ўступ. А ў ім напісана тое, з чым не мог пагадзіцца катэгарычна – пра ледзь не вызначальны ўплыў польскай мовы на беларускую. Сцвярджэнняў пра тое, што беларуская гаворка – гэта сапсаваная польскай руская мова, ён катэгарычна прыняць не мог. У выніку з’явіўся напісаны ім вершаваны дыялог, прыкладзены да аўтарскага асобніка слоўніка, які ён назваў «Явка Белорусскаго словаря по выходе изъ печати къ своему въ Мстиславле Автору».
Словарь:
Здоровъ, панъ!
Автор:
Ба! Изъ Петербурга.
Чтожъ это? Ты братъ сталъ курносъ!
Не ужъ-то ты въ рукахъ хирурга
Оставилъ свой Кривичскій носъ?
(Предисловие).
Словарь:
Мой носъ сорвалъ къ какой-то цели
И спряталъ у своей портфели
Членъ Академіи Зоил (маецца на ўвазе Ізмаіл Сразнеўскі)
Къ моей-же сжалясь кто-то роже
На нос кривичскій не похоже
Красивый носикъ приклеилъ.
Автор:
Пусть такъ! Ты въ немъ похожъ на франта
Фізіогномія-жъ не та!
Кривичскій носъ былъ носъ гиганта
Породы всехъ славянъ черта.
А тутъ не видно,
съ кемъ съродни ты!
Твои какъ будто черты слиты
Съ фізіогноміей чужой
Вліянье польское ничтожно
Тебе приписано здесь ложно
Везде характер виден твой.
Ігар Марзалюк:
Патлумачым гумар Насовіча. Крывіцкі, вялікі нос – то, як тады лічылася, адзнака беларуса, у адрозненне ад велікаруса, для якога характэрна ў большай ступені курносасць. «Носік-курносік» – вонкавае адрозненне, якое кідалася нашым людзям у вочы пры знаёмстве с рускімі.
Вялікі французскі філосаф-асветнік Вальтэр у свой час сказаў: «Слоўнік – гэта Сусвет у алфавітным парадку». Беларускі моўны сусвет, беларускамоўны космас выбудаваў Іван Насовіч. Ён упарадкаваў жывое беларускае слова. Яго слоўнік быў настольнай Бібліяй беларускай мовы для нашага вялікага Максіма Багдановіча. Менавіта праз велічны тэкст слоўніка наш Максім Кніжнік спасцігаў вытанчанасць беларускага слова, яго жывыя адценні і нюансы, вучыў родную, беларускую мову. Знаходзіў для сваіх вершаў тонкія адценні ў жывым беларускім маўленні, так рупна сабраным Іванам Насовічам.
Ігар Марзалюк:
Міжволі задаешся пытаннем. Адкуль столькі энергіі ў аднаго чалавека? Адкуль столькі ахвярнасці і самаадднанасці? Адказ просты – у любові да свайго народа, да яго мовы, гісторыі, фальклору, этнаграфіі. У падтрымцы рупнага даследчыка сваім народам. І адукаванай яго часткай, і простым сялянствам. Ён любіў сваю Радзіму, сваіх родных братоў беларусаў шчыра і аддана, яму сукрэвічы плацілі той самай манетай. Услухаемся ў словы яго сына, Васіля Іванавіча Насовіча: «Отецъ мой не жалѣлъ никакихъ издержекъ, ѣздилъ въ разныя, интересовавшія его бѣлорусскія мѣстности. Живя съ малыхъ лѣтъ среди сельскаго люда, хорошо зналъ какъ нарѣчіе бѣлоруссовъ, такъ и множество ихъ пѣсенъ, пословицъ, поговорокъ и т. п. Онъ зналъ и чтилъ ихъ обычаи. Помню, что когда я, бывало пріѣзжалъ на каникулы въ Мстиславъ къ родителямъ, большей частью во время дожинокъ, то жницы приходили къ намъ въ домъ съ вѣнками изъ ржаныхъ колосьевъ и съ жатвенными пѣснями, причемъ разъ на меня, молодого панича, былъ возложенъ такой вѣнокъ. Отецъ мой зналъ очень хорошо не только текстъ пѣсенъ, но и ихъ мотивы, и любилъ ихъ пѣть. Люди, болѣе или менѣе образованные, родомъ бѣлоруссы, всегда относились вполнѣ сочувственно къ этнографическимъ трудамъ моего отца, всячески способствовали ему въ этомъ. Что касается простолюдиновъ, то они простодушно сообщали ему требуемыя свѣдѣнія за чаркой ли горѣлки, за стаканомъ ли чаю, или просто по расположенію къ нему».
Ігар Марзалюк:
У 1877 годзе Івана Іванавіча Насовіча не стала. Ён спачыў на божай пасцелі на 89 годзе свайго жыцця і быў пахаваны на могілках знакамітага Пустынскага манастыра, што знаходзіцца недалёка ад Мсціслава. У яго пахаванні брала ўдзел усе Мсціслаўскае духавенства на чале з архімандрытам Пустынскага манастыра, айцом Антоніем. На мемарыяльнай дошцы, якая зараз размешчана на будынку школы мастацтваў у горадзе Мсціславе, змешчаны наступны лаканічны надпіс: «У гэтым будынку ў XIX стагоддзі рэктарам Мсціслаўскай духоўнай вучэльні працаваў выдатны беларускі мовазнавец, фалькларыст і этнограф Іван Насовіч».
Іван Насовіч – сапраўдны волат беларускага духу, сапраўдны сейбіт беларушчыны, сапраўдны сімвал нашай, беларускай, вечнасці!